МАЛЕНЬКІ ЧАЛАВЕК У ВЯЛІКІМ СВЕЦЕ
Таранда Таццяна Мікалаеўна,
настаўнік пачатковых класаў
Бог надзяліў чалавека розумам, бессмяротнай душой і вялікім дарам – свабоднай воляй выбару паміж дабром і злом. Таму кожны чалавек адказвае за свае справы, учынкі, за сваё жыццё.
Магчыма, таму ў сэрцах людзей узнікае сум па тым часе, калі чалавек баяўся толькі злоснага сабаку, людзей жа ніколі, калі не трэба было зачыняць дзверы і словы “госць у доме – Бог у доме” былі праўдзівымі. Калі чалавек схіляў галаву, мінаючы Божы храм і сустракаючы падарожнага. З павагаю і вялікаю пашанаю адносіліся да бацькоў, а перайманне хрысціянскіх традыцый прыносіла найвялікшы плён. А што мы бачым зараз?
У аснове многіх праблем сучаснага грамадства ляжыць найглыбейшы крызіс асобы. Прычына яго – страта духоўнасці. Як нікому, нам, настаўнікам, бачны гэтыя прабелы выхавання. Мы з вучнямі штодзень. І як ніхто мы, педагогі, разумеем: каб не дапусціць дэградацыі грамадства, трэба накіраваць грамадскую свядомасць на шкалу духоўных, маральных каштоўнасцей. Чым вышэй маральнасць у народзе, тым мацней і сама дзяржава.
Галоўны вынік, якога хацелася б дасягнуць ад сваёй працы, настаўніка пачатковых класаў, заключаецца ў прыняцці вучнямі вечных каштоўнасцей: міласэрнасці, спагады, імкнення да дабра. І я лічу, што толькі такая праца, якая праводзіцца сумесна і ў сістэме, мэтанакіравана і паслядоўна дае добрыя вынікі ў выхаванні Сапраўднага Чалавека, годнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, сапраўднага патрыёта сваёй Радзімы, які ведае гісторыю і традыцыі свайго народа.
Лічыла так, пакуль не стала задумвацца над тым, што, акрамя ведаў па прадметах, я магу і павінна даць сваім вучням як чалавек, як педагог, як жанчына, як маці для ўмацавання іх маральнага здароўя.
Дзіцячыя гады, той узрост, які мы лічым узростам бесклапотнай радасці, гульні, казкі, – гэта вытокі жыццёвага ідэалу. Менавіта ў гэты час закладваюцца карані маральнасці. Ад таго, што адкрылася дзіцяці ў навакольным свеце ў гады дзяцінства, што яго здзівіла і захапіла, што абурыла, прымусіла плакаць не ад асабістай крыўды, а ад перажывання за лёсы іншых людзей, – ад гэтага залежыць, якім чалавекам будзе наш выхаванец.
Якімі шляхамі весці маленькага чалавека ў вялікі свет, як пабудаваць велічны Храм дзіцячай душы, каб ён мог супрацьстаяць спакусам, цяжкасцям, няшчасцям? Як выхаваць дзяцей гуманнымі людзьмі, патрыётамі сваёй краіны? Як сфарміраваць у іх такія якасці, як любоў, спачуванне, адданасць? На маю думку, зрабіць гэта магчыма праз далучэнне вучняў да праваслаўных святыняў.
Выхаванне, прывіццё дзецям асноў дабрачыннасці і маральнасці я лічу не менш важным, чым навучанне. І гэта робіцца падчас пазакласных мерапрыемстваў і на ўроках. Выхоўвае не толькі змест, метады і арганізацыя навучання, а і настаўнік, яго асоба, веды, перакананні, і тая атмасфера, якая складваецца на ўроку, стыль адносін педагога і вучняў, дзяцей паміж сабой. Выхоўвае сябе і сам вучань, ператвараючыся ў суб'ект выхавання.
Асабліва такое адчуваецца на ўроках літаратурнага чытання і мовы, бо гэта, па майму меркаванню, урокі чалавеказнаўства. У працэсе чытання апавяданняў, вершаў, казак у дзяцей складваецца ўяўленне пра дабро і зло. “Добры, - кажуць дзеці, - гэта той, хто праяўляе клопат аб навакольных людзях, сябрах, блізкіх, родных, аказваючы бескарыслівую дапамогу”.
Чытанне і разбор апавяданняў, вершаў, казак дапамагаюць дзецям зразумець і ацаніць маральныя ўчынкі людзей. Мы з дзецьмі чытаем і абмяркоўваем творы, у якіх ставяцца ў даступнай для іх форме пытанні аб справядлівасці, сумленнасці, таварыстве, дружбе, вернасці, гуманнасці. Пасля прачытаных апавяданняў падбіраем прыказкі і прымаўкі, пішам сачыненні, маленькія апавяданні, праводзім гутаркі, аналізуем учынкі.
На ўроках мовы выкарыстоўваем урыўкі з прачытаных твораў , пішам пераказы, дыктоўкі, і праводзім гутаркі аб добрым стаўленні да птушак, жывёл, да прыроды. Загадкі дапамагаюць выхоўваць хуткасць рэакцыі, вобразнасць мыслення, уяўленне.
Творы розных пісьменнікаў прыносяць дзецям радасць, выхоӯваюць у iх дабрыню, спагадлiвасць, любоў да роднай зямлii мовы. Дзецi мiжволi супастаўляюць паводзiны герояў са сваiмi, робяць адпаведныя вывады, непрыкметна засвойваюць правiлы паводзiн, узаемаадносiн.
Аднаго разу ў час экскурсіі з дзецьмі па аграгарадку Падлессе пасыпалася ад іх адно пытанне за другім: “Дзе … ? Колькі…? Куды…? Адкуль…? Калі….?А што гэта..?”
Інтарэс, які ўзнік у дзяцей, да гісторыка – краязнаўчай і прыроднай спадчыны Падлесся даў штуршок для распрацоўкі матэматычных заданняў краязнаўчага зместу і выкарыстання іх на ўроках, які ў спалучэнні з праграмным матэрыялам дапамог мне адкрыць новыя магчымасці ў развіцці малодшых школьнікаў, садзейнічаў павышэнню пазнавальнага інтарэсу да прадмета “Матэматыка”. Разнастайны матэрыял адначасова з выпрацоўкай матэматычных уменняў і навыкаў дазваляе атрымаць рознабаковае ўяўленне пра Падлескі край: гістарычнае мінулае, помнікі архітэктуры, жыццё і побыт мясцовага насельніцтва, жывёльны і раслінны свет, даведацца пра славутых землякоў. Заданні, заснаваныя на краязнаўчым матэрыяле, выкарыстоўваю на розных этапах урока. Дзеці бачаць не проста нейкія лічбы, а тое, што адбываецца побач з імі, у іх населеным пункце, з іх аднавяскоўцамі.
Значнае месца адводжу заданням гістарычнага, экалагічнага зместу аб Падлескім краі, таму што, на мой погляд, яны садзейнічаюць канцэнтрацыі ўвагі, пашырэнню і паглыбленню пазнавальных інтарэсаў, дапамагаюць фарміраванню ў дзяцей агульнакультурных і агульначалавечых каштоўнасцей, патрыятычных адносін да свайго краю, землякоў, прымушаюць больш уважліва ставіцца да таго, што іх аберагае.
Урок матэматыкі стаў не проста ўрокам, на якім трэба рашаць, вылічваць і завучваць, а звязаў навучанне з жыццём, тэорыю з практыкай, абудзіў пачуцці дапытлівасці да матэматыкі, да гісторыі сваёй маленькай радзімы, уласных продкаў, садзейнічаў разам з тым выхаванню пачуцця гонару за права называцца «падляшанамі». А самае галоўнае ў вучняў выхоўваецца пачуццё любові да духоўных набыткаў нашага народа. Дзеці на такіх уроках адчуваюць сваю прыхільнасць да гісторыі, задумваюцца над важнымі праблемамі, у іх з’яўляецца патрэбнасць ва ўдасканальванні сябе і свайго жыцця.
Першы ўрок “Чалавек і свет” ( “Мая Радзіма Беларусь”) у 4 класе я пачынаю такімі словамі: “Родная зямля, любая Беларусь! Вось яна – зямля святая дзядоў тваіх і прадзедаў, гераічнай славы, зямля Скарыны, Купалы, Коласа! Яна перад табой, з табою. У яе багатая і слаўная гісторыя. Шмат выдатных людзей нарадзіла беларуская зямля. Мы павінны ведаць і шанаваць іх імёны. Вось толькі некалькі гістарычных постацяў: Еўфрасіння Полацкая, Вітаўт Вялікі, Усяслаў Чарадзей, Мікола Гусоўскі, Францыск Скарына, Сымон Будны, Францішак Багушэвіч, Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч, Кастусь Каліноўскі. Ці хочаце вы больш даведацца пра нашу Радзіму? У гэтым нам дапамогуць урокі “Чалавек і свет” , “Мая Радзіма Беларусь”.
Я разумею, што любоў да прыроды - адна з праяў патрыятызму. Пагэтаму на ўроках “Чалавек і свет” быццам нанова адкрываю перад дзецьмі свет прыроды, знаёмлю з яе законамі, расказваю аб раслінах і жывёлах. На кожным уроку надаю вялікае значэнне самастойнасці мыслення, развіццю крытычнай думкі дзяцей, таму імкнуся па-майстэрску злучыць адукацыйны змест прыродазнаўчага матэрыялу з займальнасцю выкладання матэрыялу. Я лічу, што дзецям важна паказаць, як прырода ўплывае на настрой чалавека. З гэтай мэтай я стаўлю перад вучнямі “задачкі”, напрыклад: “Успомніце восень, тую восень, што вы добра ведаеце, і вясну, і пастарайцеся прыпомніць тыя думкі, што навеяла вам вясна”. Падобныя “задачкі” выхоўваюць назіральнасць, пашыраюць уяўленні аб наваколлі, развіваюць тонкі эстэтычны густ. Рыхтуючы ўрокі па “Чалавек і свет” стараюся падвесці вучняў да думкі, што прырода не толькі ўзбагачае чалавека, але і сама прыгажэе, калі чалавек з любоўю ставіцца да яе. Вельмі ўмела і як бы незнарок можна падаць пазнавальны прыродазнаўчы матэрыял, выкарыстоўваючы на ўроках казкі, вершы, апавяданні. Дзеці шмат могуць даведацца пра рыб, што жывуць у беларускіх рэках, пра нялёгкі працэс вырошчвання хлеба з казак Якуба Коласа “Рак-вусач”, “Лёгкі хлеб” і многіх іншых творах.
На ўроках “Чалавек і свет” (блок “Мая Радзіма Беларусь”) мы працягваем знаёмства з таямніцамі і цудамі беларускай зямлі, прыадкрываем заслону яе славутай гісторыі, традыцый, даведваемся, якіх знакамітых людзей яна ўзгадавала. Любіць сваю краіну немагчыма, калі не ведаць, чым яна жыла, як жыве зараз, да чаго імкнецца. Вывучаць, пазнаваць, разумець сваю зямлю, яе народ – бадай, самая галоўная наша задача. Гэта задача не аднаго ўрока, на раскрыццё ўсіх сакрэтаў можа не хапіць нават жыцця, але неабходна імкнуцца ведаць як мага больш.І мы на кожным уроку будзем адказваць на пытанне:“Якая яна, наша Беларусь?”
На многіх уроках я абавязкова адводжу час для разважання. Прыёмы могуць быць розныя:хвіліны маўчання і роздуму аб розных праблемах, аб самім сабе, пра блізкіх і родных, пра дабро і зло ў жыцці людзей, аб паляпшэнні жыцця людзей, мары аб будучыні.
У канцы ўрока падводзіцца абавязкова вынік урока. Урок-гэта пражыты час.Абавязкова трэба абмеркаваць, як яго пражылі. Форма можа быць разнастайнай:
- у канцы ўрока дзеці кажуць, што абмяркоўвалі, чаму навучыліся, што спадабалася на ўроку;
- настаўнік настройвае дзяцей на тое, каб яны самі для сябе вызначылі, з чым вернуцца са школы дадому, чым пацешаць сваіх блізкіх, бацькоў, якой новай пазнавальнай інфармацыяй ўзбагацяць іх, пра якія маральныя ўчынкі будуць разважаць разам з імі;
- падумайце, што вы возьмеце з сабой у жыццё з гэтага дня. Няхай гэты вопыт дапаможа вам быць у жыцці дабрэй і памяркоўней адзін да аднаго, дапамагае знаходзіць тое добрае, што ёсць у душы кожнага чалавека
Своеасаблівай школай маральнасці для нас з'яўляюцца экскурсіі ў прыроду. Такія ўрокі-экскурсіі выхоўваюць беражлівыя адносіны да прыроды, пачуццё адказнасці. Падарожжы і экскурсіі па родных мясцінах прывіваюць школьнікам пачуццё гонару за нашу сінявокую Беларусь, а знаёмства з побытам продкаў, яго гісторыяй, элементамі народнай педагогікі – пачуццё павагі да цярплівага і дабразычлівага беларуса.
Мы з цікавасцю наведваем Свята-Духаўскую царкву ў нашай вёсцы Падлессе. Як правіла, такія экскурсіі пакідаюць у дзяцей моцныя ўражанні. Навучэнцы цікавяцца гісторыяй царквы, храмавым мастацтвам, іканапісам, сімволікай, унутраным і знешнім выглядам, гутараць са святаром. Настаяцель храма айцец Канстанцін, пры апошнім нашым наведванні царквы зачытаў урывак з рэлігійных пісанняў:
“Всякого скорбящего утешь,
Всякому слабому помоги,
Всякого нуждающегося поддержи,
Всякого болящего облегчи,
Всякого смиренного восславь,
Всякого омраченного страхом укрой”.
На жаль, няма агульнага рэцэпту ў выхаванні духоўнасці, але пакуль ёсць літаратура, чыстае слова, ёсць шчырыя дзеці і цёплыя іх сэрцы – будзе жыццё на Зямлі. І калі Бог будзе на першым месцы,то ўсё астатняе будзе на сваім.
Спадзяёмся, што разам з праваслаўнай царквой мы правільнай дарогай павядзём маленькага чалавека ў вялікі свет, здолеем выхаваць у навучэнцаў устойлівае перакананне, што паводзіны — гэта люстэрка, у якім кожны паказвае сваё аблічча, што дабрачыннасць развіваецца добрымі справамі, а не пустымі размовамі.
раскрыть » / « свернуть