Размер шрифта
A- A+
Межбуквенное растояние
Цвет сайта
A A A A
Изоображения
Дополнительно

Сучасная Свята-Духаўская царква

      Сучасная Свята-Духаўская царква адбудавана занава ў сярэдзіне 18 ст. яна з'яўляецца ўзорам драўлянага дойлідства. Галоўны фасад аформлены ганкам з калонамі і завяршаецца трохкутным франтонам. Зверху франтон увенчаны купалам, размешчаным на круглым барабане. Галоўны ўваход вырашаны ў выглядзе аркі, над ім і па абодва яго бакі размяшчаюцца іконы. Уся царква пафарбаваная ў блакітны колер, які сімвалізуе Царства Нябеснае, набліжэнне да незямнога, бязгрэшнага.. У алтарнай частцы па абодва бакі зробленыя невялікія квадратныя прыбудовы. Па ўсім перыметры царква праразаюць паралельныя прастакутныя вокны. Галоўны фасад завяршае купал з макаўкай, упрыгожаны крыжам. Зверху будынак пакрыты двухсхільным дахам.    Архітэктура вызначаецца прастатой і лаканічнасцю, рысамі народнага драўлянага дойлідства. Мае традыцыйную для праваслаўных храмаў аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю: прамавугольны ў плане асноўны аб'ём пераходзіць у 5-гранную апсіду, да якой па баках прыбудаваны невялікія рызніцы. Усе зрубы аб'яднаны агульным 2-схільным дахам, франтон якога завершаны фігурнай вежачкай, над алтарнай часткай — макаўкай. Заходні фасад аформлены прыбудаваным у 19 ст. 6-калонным порцікам, трапецападобны франтон якога, як і дах апсіды, завершаны макаўкай. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і брусамі-сцяжкамі. Уваход вырашаны арачным дзвярным праёмам. У залу, перакрытую плоскай столлю, выступаюць хоры з балюстраднай агароджай. Вельмі шанаваўся цудатворны абраз «Маці Божая». Перад храмам пастаўлена мураваная 2-ярусная 4-гранная званіца, завершаная шатром з макаўкай. Архітэктура вырашана ў стылі позняга класіцызму. Грані дэкарыраваны гарызантальнай расшыўкай тынкоўкі, вуглавымі руставанымі лапаткамі, круглымі разеткамі.

У царкве знаходзяцца самыя старынныя іконы, сярод якіх цудадзейная ікона маці Божай. Пры нашай царкве яшчэ маленькім пачынаў служыць адзін з 23 навамучанікаў Беларускай зямлі Серафім архімандрыт Жыровіцкі. Сярод асноўных турыстычных маршрутаў Ляхавіцкага раёна – Падлеская царква Святога Духа. Запрашаем да нас. У нас ёсць што паглядзець і чым ганарыцца.

“І камень ажыве – ты толькі яго абдымі” – такімі словамі пачаў свой расказ пра “Святы” камень мясцовы жыхар вёскі В.Падлессе Смаршчок Мікалай Мікалаевіч( відэа матэрыял ) . Ён не здзівіўся нашай цікавасці да гэтага аб'екту, а наадварот узрадаваўся, бо аказалася, што ў яго ёсць матэрыял аб гэтым камені (дадатак 14, фота 1), успаміны яго сваякоў, аднавяскоўцаў і дзіўныя гісторыі пра яго гаючыя ўласцівасці. І пачаўся расказ… “ Князь Сапега ехаў на кані са сваёй сляпою дачкою. Раптам коні ўпудзіліся і панясліся па дарозе. Спалоханы князь пачаў маліцца Божай Маці, прыгаворваючы, што там дзе коні прыпыняцца, абавязкова пабудуе царкву. Коні прыпыніліся ля каменя, на якім быў відзён след. У выямцы ад следу была вада. Бацька ўзяў і гэтай вадой працёр вочы дачкі. І здарыўся цуд. Сляпая дзяўчына, пачала бачыць. Узрадаваны князь загадаў на гэтым месцы пабудаваць спачатку каплічку, а затым была пабудавана Свята-Духаўская царква, якая стаіць і у цяперашні час, і якая па словах Мікалая Мікалаевіча ніколі не закрывалася. Камень гэты спачатку ляжаў у панамарцы на падлозе. Затым ён быў перанесены у царкву і пакладзены побач з іконай Божай Маці (дадатак 14, фота 2). Апавяданні аб цудадзейнай сіле следавіка мясцовыя жыхары перадаюць ад пакалення да пакалення. Веруючы ў гэтую сілу, людзі пакланяюцца яму да гэтага часу(дадатак 15, фота 1) . І ў нашы дні ідуць людзі да «Святога» каменя за лячэннем, як фізічным, так і душэўным, просяць у яго шчасця і здароўя, ідуць не толькі мясцовыя жыхары, але і паломнікі з аддаленых вёсак . Усе, хто бываў побач з гэтым каменем, сыходзяцца ў меркаванні: побач з ім адчуваецца асаблівая дзіўная атмасфера, адтуль не хочацца сыходзіць(дадатак 15, фота 2). Мясцовыя жыхары кажуць, што толькі з чыстай душой і сэрцам можна ісці да гэтага каменю. Хто з такім помыслам ідзе, то часам бачаць як на камені з'яўляецца лік Божай маці, Міколы Чудатворца. Прычым абліччы бачны не заўсёды. Калі адысці ад каменя на некалькі метраў, абліччы бачны выразна, а калі падысці бліжэй — яны размываюцца. Ці то гэта аптычны эфект такі, ці то праўда цудоўная з'ява — невядома. Але многія гэта заўважаем.

У другой палове таго ж стагоддзя была пабудавана цяпер існуючая царква. Першапачаткова, да 1793 года, яна лічылася прыпісной да Ляхавіцкага прыходу. Настаяцельнічаў святар Іпаліт Гаварскі.

З 1 лютага 1881 года настаяцельствуе святар Амфілохій Рубероўскі.

2 ліпеня 1881 года, згодна з указам яго правялебнага, на яго месца прызначаны былы настаяцель Бярэзенскай царквы святар Васіль Шамяцілла.

У 1935 годзе ў Падлескую парафію прыехаў бацька Феадор Рубановіч, закатаваны бальшавікамі ў Аршанскай турме.

У 1956 годзе настаяцелем Свята-Духоўскай царквы прызначаны айцец Георгій Платонавіч Люльковіч і служыў да 1982 года.

Пасля яго прыход с. Падлессе ўзначальваў цэлым шэрагам святароў.

22 снежня 1996 года прыход узначальваў бацька Уладзімір Плакса, якога, у 2009 годзе, змяніў іерэй Максім Доўгі. 3 2014 года настаяцелем храма з’яўляецца іерэй канстанцін Шалудзько.

На працягу доўгіх гадоў нашы мясціны знаходзяцца пад заступніцтвам дзвюх святыняў – Свята - Духаўскай царквы, пабудаванай у другой палове 18 стагоддзя, помніка архітэктуры драўлянага народнага дойлідства і Святога Серафіма Жыровіцкага.

Ў свеце яго клікалі Раман Раманавіч Шахмуць. Ён нарадзіўся 15 ліпеня 1901 года ў вёсцы Падлессе Ляхавіцкай воласці Баранавіцкага павета Гарадзенскай губерніі і быў выхадцам з сям'і сялян – беднякоў. Апроч яго ў сям'і было яшчэ два брата і сямёра сясцёр. З успамінаў Надзеі Рыгораўны Баўтрукевіч, пляменніцы бацькі Серафіма (а ёй расказваў родны дзядзька прападобнапакутніка), ён з ранніх гадоў пазбягаў дзіцячых забаў. Маленькі Раман апранаў мамін фартух замест рызы, рабіў крыжыкі з кійкоў і, наколькі дазваляла дзіцячае ўяўленне і памяць «служыў», як гэта рабілі ў Падлескай царкве. Бывала падчас гульні да яго прыходзілі суседскія дзеці, абступалі і дапамагалі «правіць службу». Яна расказвала: «Да вайны пападобны Серафім бываў у блізкім яго сэрцу Падлессі. Прыезд яго заўсёды быў святам на сяле. Народа збіралася шмат, «як на Вялікдзень», а потым ішлі дахаты к Шахмуцям. У такія дні хата не ўмяшчала ўсіх ахвотнікаў. Раман Шахмуць павучаў і вучыў людзей, праводзіў гутаркі.

      Ён быў добрым рэгентам і статутнікам. Праз пяць гадоў, у 1926г. Серафіма (Шахмуця) пасвяцілі ў іерадыякана. Серафім вельмі адказна выконваў усе ўскладзеныя на яго манаскія паслухмянствы, з глыбокай пашанай ставіўся да набажэнстваў. Яго любілі і шанавалі і манахі, і манастырскае начальства. У 1935 годзе ён стаў іераманахам. У тым жа 1935г. яго адправілі святаром на прыход у в.Курашова Бельскага павета Беластоцкага ваяводства, дзе ён праслужыў да канца 1937 года.

     Айцец Серафім займаўся актыўнай місіянерскай дзейнасцю. Несучы крыж паслухмянства айцец Серафім вёў строга аскетычнае жыццё. У 1939 годзе яго ўзвялі ў сан ігумена, а пазней - у сан архімандрыта.

     У гады Вялікай Айчыннай вайны ва Ўсходняй Беларусі былі адчынены шматлікія праваслаўныя храмы, што не працавалі ў даваенны перыяд. Сярод святароў, якія асабліва актыўна бралі ўдзел у адкрыцці праваслаўных цэркваў у ваенны час, вылучаюцца імёны архімандрыта Серафіма (Шахмуця) і іерэя Рыгора Кударэнка. У жніўні 1941 года архімандрыт Серафім (Шахмуць) і іерэй Рыгор Кударэнка пакінулі Жыровіцкі Св. Успенскі манастыр і выехалі ў накірунку Мінска.

     Імкнучыся ахапіць як мага больш населеных пунктаў, місіянеры адправіліся ў дарогу на конях.

       У студзені 1942 года яны зноў рушылі ў дарогу, але гэтым разам далей - ва Ўсходнюю Беларусь, з той жа мэтай - місіянерства.

       У Віцебску айцом Серафімам быў напісаны кароткі артыкул, надрукаваны ў газеце "Новы Шлях", у якім расказвалася пра адкрыццё цэркваў "...народ у адчыненыя цэрквы нясе захаваныя ў сябе рызы, крыжы, Евангеллі, і іншыя царкоўныя прылады; дапамагае рамантаваць цэрквы, наведвае іх, горача моліцца, хрысціць дзяцей і просіць адспяваць раней памерлых бацькаў і матак, якія былі пахаваны без пажадання і пахавання". У тым жа артыкуле гаварылася, што "...цэрквы наведваюць нават моладзь і дзеці... і храмы ў вялікія святы перапоўнены да адказу".

     У Гомелі айцец Серафім і айцец Рыгор служылі ў Свята Пятро-Паўлаўскам кафедральным саборы, адначасна часта наведваючы акруговыя прыходскія храмы.

     Усюды, дзе пабываў Серафім, ім збіраліся матэрыялы пра тыя пераследаванні, якім падпадала Праваслаўная Царква Беларусі ў даваенныя гады.

     Вярнуўшыся ў Мінск, айцец Серафім і айцец Рыгор сталі служыць у адчыненай імі Свята-Духавой царкве (цяпер - кафедральны сабор).

     Айцец Серафім меў пастырскую апеку над лякарнямі горада, інваліднымі дамамі і дзіцячымі дамамі, несучы ўсім словы суцяшэння.

У Гародні 6 верасня ён, разам з айцом Рыгорам Кударэнка былі арыштаваны. Пяць дзён доўжыўся допыт на месцы, потым арыштаваных перавезлі ў Мінскую турму.

     Афіцыйна ім падалі абвінавачванне ў працы з СД і іншых зусім надуманых злачынствах. Насамрэч яны былі арыштаваны за сваю старанніцкую місіянерскую дзейнасць у гады акупацыі. На допытах асуджаныя трымаліся мужна, не хаваючы ад "следчага" сваіх поглядаў. Айцец Серафім на пытанне пра тое, што ён казаў падчас пропаведзяў, калі ездзіў па Беларусі, проста сказаў, што часта звяртаўся да народа прыкладна з наступнымі словамі: "Верылі нашы продкі, дзяды, прадзеды, бацькі, і зараз мы зноў зажывём шчасліва праз веру. Дрэнна, што бязбожнікі зачынялі нашы святыні, што вашы бацькі і маткі паміралі без пажадання Святых Таямніц і хаваліся без святара, а дзеці раслі нехрышчоныя і не бралі шлюб..."

     Аднаму Богу вядома, што давялося перажыць на допытах арыштаваным. Іх пратрымалі пад следствам роўна 10 месяцаў, так нічога і не дамогшыся.

     Асобай Нарадай пры Народным Камісарыяце Ўнутраных Спраў СССР 7 ліпеня 1945 года абодвум зняволеным вынеслі прысуд пра пазбаўленне волі тэрмінам на 5 гадоў са знаходжаннем у канцлагеры. Іх адправілі ў лагеры Горкаўскай вобласці. Менш чым праз год пасля вынясення прыгавора архімандрыт Серафім (Шахмуць) загінуў, знаходзячыся ў лагеры. Па афіцыйнай версіі ён загінуу 5 сакавіка 1946 года ад сардэчнай недастатковасці. Па ўспамінах Вольгі Федчык, жыхаркі вёскі Падлессе, са слоў яе маці, яго прывязалі да двух машын і разарвалі. Святар Рыгор Кударэнка, адбыўшы тэрмін зняволення, вярнуўся ў Жыровіцкі Свята-Ўспенскі манастыр, прыняў манаскі пострыг з імем Ігнат.

     Незадоўга да смерці ён расказаў, што падчас місіянерскага вандравання ў гады вайны па Ўсходняй Беларусі імі было адкрыта з Серафімам 74 храмы. Характэрна, што да гэтага часу памяць пра прападобнамучаніка Серафіма (Шахмуця) беражліва захоўваецца жыхарамі в. Курашова, дзе ён здзяйсняў сваё служэнне Богу і людзям у другой палове 30-х гадоў XX стагоддзя. Пра гэта сведчаць успаміны некаторых з іх.

     28 кастрычніка 1999 года Святым Сінодам Беларускай Праваслаўнай царквы па благаславенні Найсвятога Патрыярха Маскоўскага і Ўсёй Русі Алексія архімандрыт Серафім быў прылічаны да 23 святых новамучанікаў зямлі Беларускай, а ў жніўні 2000 года Архірэйскім Саборам Праваслаўнай царквы ўслаўлены ў саборы новапакутнікаў і прапаведнікаў расійскіх 20 стагоддзя.

     Па благаславенні архібіскупа Пінскага і Лунінецкага Стэфана 6 верасня, у Дзень памяці прападобнапакутніка Серафіма архімандрыта Жыровіцкага ў Свята – Крыжаўзвіжанскай царкве гарада Ляхавічы і ў храме Святога Духа ў вёсцы Падлессе збіраецца духавенства і вернікі для набажэнства.     Прападобнапакутнік Серафім, архімандрыт Жыровіцкі з'яўляецца нябесным апекуном зямлі Беларускай, Ляхавіцкай і Падлескай, моліцца пра яе і яе людзей.

     Ў рамках усебеларускага святкавання 115-годдзя з дня нараджэння і 70-годдзя і з дня пакутніцкай смерці святога прападобнапакутніка Серафіма, архімандрыта Жыровіцкага, духоўнага апекуна зямлі Беларускай, выхадца вёскі Вялікае Падлессе, 15 ліпеня 2016 года, у дзень нараджэння святога, на яго радзіме, у Ляхавіцкім раёне прайшлі святочныя ўрачыстасці.

     У гэты дзень у храме Святога Духа вёсцы Вялікае Падлессе Ляхавіцкага раёна здзяйснялася Боская літургія, якую ўзначаліў архібіскуп Пінскі і Лунінецкі Стэфан.

     Кожны год на нашым Падлескім прыходзе праходзяць набажэнствы да Дня Памяці Серафіма Жыровіцкага. З Баранавіч, Пінска, Клецка, Мінска і Нясвіжа прыязжае да нас шмат паломнікаў. Мерапрыемства каля Свята-Духаўскай царквы набыло ўжо вялікі размах. Заўсёды тут выступаюць калектывы мастацкай самадзейнасці раёна. Традыцыйна выступаюць каля царквы выхаванцы гуртка “Гарэзлікі”, вучні школы, маленькія чытачы Падлескай сельскай бібліятэкі, навучэнцы васкрэснай школы. Яны ставяць міні п’есы, расказваюць вершы, чытаюць малітвы. Намаганнямі настаяцеля храма іерэя Канстанціна Шалудзько, пры падтрымцы Благачыннага Георгія Жытко і ўсіх сацыяльных структур робіцца вялікая справа, каб Серафіма Жыровіцкага і яго справу не забывалі. З гэтай нагоды вырашана было здзяйсніць на базе нашай школы рэсурсны цэнтр па праваслаўю.

     Хочацца адзначыць, што праца ў праслаўленні нашага святога Серафіма Жыровіцкага ідзе ў правільным накірунку. На раённым узроўні гаварылася пра тое, каб унесці месца нараджэння Святога і Свята-Духаўскую царкву ў турыстычны маршрут.

     Для нас, нашчадкаў, святы Серафім Жыровіцкі пакінуў прыклад самаадданага служэння і неацэнны духоўны прыклад, пазіраючы на які, мы глыбей усведамляем духоўную сувязь пакаленняў і адзінства ўсіх ва ўлонні царкоўным.

     Прыкладам пакуты за Хрыста стаў духоўны вопыт нашага земляка Серафіма Жыровіцкага, бо ён прадэманстраваў такія маральныя якасці, як нязломная воля, глыбокая перакананасць і гатоўнасць ісці да канца за веру, ахвяраваў сваім жыццём, але застаўся верны клятве.

     Імя і справы святога Серафіма на працягу стагоддзя не забыліся і з гэтага часу застануцца ў гістарычнай памяці народа.

     Вывучэнне духоўных асноў жыцця святога Серафіма Жыровіцкага дапаможа сфармаваць каштоўнасныя ідэалы і арыенціры ў сучасных дзецях. Вялікія справы святога Серафіма Жыровіцкага сапраўды служаць для падрастаючага пакалення і ўсім, каму не абыякавы лёс нашай Бацькаўшчыны, прыкладам для пераймання і дзейнага стварэння.

Разделы сайта