Н М. Карпач,
настаўнік пачатковых класаў
Тэатралізаванае прадстаўленне
"Ідзе каляда, калядуючы ..."
Дзейныя асобы: Вядучы, калядоўшчыкі, гаспадар, гаспадыня, каза, мядзведзь.
Вядучы. Добры дзень, дарагія сябры! Вось і надышлі зімовыя святкі-калядкі. Здаўна нашы продкі ўмелі сустракаць і праводзіць святы. Давайце і мы далучымся да калядоўшчыкаў і паглядзім, з чым яны да нас завіталі.
Гучыць песня "Ой, калядачкі, бліны-ладачкі” .
1-ы калядоўшчык: Ой, калядачкі-калядкі!
Дружна плешчам мы ў ладкі.
3 песняй па сялу ідзём,
Зорку-сонейка нясём.
2-і калядоўшчык: А зорачка наша іскрыстая
На жытцо каласістае,
На зернейка залатое,
На дабро маладое.
3-і калядоўшчык: На вясенку красную,
На зораньку ясную,.
На вадзіцу талую,
На пашаньку ўдалую.
4-ы калядоўшчык: На даўжэйшы дзянёк,
На дружны ручаёк,
На цёплыя лецечкі,
На пахкія кветачкі.
5-ы калядоўшчык: А мы - вяскоўцы знатныя,
Да песень-танцаў здатныя.
Ды і ўсякая праца ў нас спорыцца,
Ніхто за намі не ўгоніцца.
6-ы калядоўшчык: I жняцы мы, і касцы,
Ва ўсіх справах малайцы.
Ёсць запасы ў нашых амбарчыках,
А ў хлявах - акурат па кабанчыку.
1-ы калядоўшчык: На падвор’ях гусі, куры з петухом,
Пчолкі ёсць і соты, поўныя з мядком,
Пачастуюць госця, толькі еш,
Што пасля аж песню запяеш.
2-і калядоўшчык: Як ідзём мы - люба паглядзець!
Ходзіць з нашай калядой мядзведзь.
I казу вядзём з сабой якраз,
Вось і хатка, дзе чакаюць нас.
Калядоўшчыкі заходзяць у хату.
3-і калядоўшчык: Добры вечар у добрую хату!
А ці рады вы нам, ці не рады?
Гаспадыня: Рады, рады. Даўно вас чакалі,
Тры разы ў акно выглядалі.
Гаспадар: Заходзьце, просім у святліцу,
Нясі, гаспадыня, гасцінцы.
Гаспадыня ставіць на стол розныя стравы.
Гаспадыня: Вось блінцы аўсяныя,
На яйках замяшаныя,
Капуста, бульбачка і квас!..
Прашу бліжэй сабрацца вас.
Калядоўшчыкі падыходзяць да стала. Каза круціць галавой, валіцца на падлогу.
4-ы калядоўшчык: Ах, наша козачка пакацілася,
На бачок павалілася.
Заплюшчыла вочкі, не есць і не п’е.
Не тыя прысмакі гаспадыня дае.
Гаспадыня: Ой, што ж я зрабіла не так?
I які трэба козачцы прысмак?
5-ы калядоўшчык: Калі можна, гаспадарочкі, з вашае ласкі -
Наша козачка надта любіць каўбаскі.
Гаспадар: Во, а мы пра каўбаску забылі,
Ледзь бедную скацінку не забілі.
Уставай, козачка, уставай,
Вось каўбас шасток - выбірай.
Каза і калядоўшчыкі падыходзяць да каўбас.
6-ы калядоўшчык: Возьмем адну, кругленькую, як сонца,
Каб у вас быў дастатак бясконцы.
1-ы калядоўшчык: Каб не было хвароб і бед,
Возьмем яшчэ адну на абед.
2-і калядоўшчык: Каб не было ніколі сваркі,
Мы не пагрэбуем і скваркай.
3-і калядоўшчык: А наш Мішка-мядзведзь любіць карагоду.
Можа, дасцё, ягамосці, крышачку мёду.
Наш Мішка заўсёды спрытны і лёгкі,
Калі хто дасць мёду - адразу ў скокі.
Гаспадар: Уважым, уважым вашага Мішку.
А ці ёсць пад мёд у вас міска?
4-ы калядоўшчык: Дзядзечка! Ёсць і збанок, і начоўкі,
Калі не паднімем, возьмем сані з вяроўкай.
Гаспадар выносіць гладышак мёду. Мядзведзь спрабуе, кланяецца гаспадарам. Гучыць музыка, усе танцуюць.
5-ы калядоўшчык: Каб жыта расло ў вас і колас быў дужы,
А ў садзе каб спелі вішні і грушы.
Каб бульба радзіла, і морква, і рэпа,
А ў хаце быў хлеб, а яшчэ і да хлеба.
6-ы калядоўшчык: Жадаем, каб вашая хата
Была заўсёды багата
Скацінкай, аўчынкай,
Кудзеляй, пярынкай.
1-ы калядоўшчык: Тонкім кужальком,
Саламяным сенніком,
Тканымі дыванамі,
Ільнянымі ручнікамі.
2-і калядоўшчык: Падушкамі аж пад столь,
Толькі каб не з’ела моль,
А яшчэ маслам і салам поўным цабэркам,
Фіранак, карункаў багатым куфэркам.
3-і калядоўшчык: I малачком, і кумпячком,
I цёплым хлебам з печы,
I камізэлькай на плечы.
4-ы калядоўшчык: Сыночкамі-дочкамі
I ўнучыкамі-званочкамі.
5-ы калядоўшчык: Здароўя вам моцнага на сто год,
Жыць доўга без турбот і нягод.
Калядоўшчыкі кланяюцца гаспадарам, ідуць да дзвярэй.
Гаспадар: Дзякуем, дарагія госці,
За добрыя пажаданні.
1-ы калядоўшчык: I мы вам удзячны, прабачэння просім.
А нам яшчэ хадзіць да рання.
2-і калядоўшчык: Сонечнага вам свята,
Каб ваша шчодрая хата
Часцей гасцей сустракала,
А сэрца ад шчасця спявала.
3-і калядоўшчык: А грошай вялікіх нікому не раю,
Бо ім не бывае ні меры, ні краю.
4-ы калядоўшчык: А ўсіх багаццяў яшчэ ніхто не пазбіраў па свеце,
Таму заставайцеся з дабрынёй і спагадай
I з мудрай вясковай парадай,
А мы з Калядою пайшлі да суседзяў.
Усе калядоўшчыкі з музыкай, спевамі і танцамі выходзяць на вуліцу.